РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзіцячае

#Лявоніха
Ой, лявоніха, гулянка, гульня!
Галасістая бяседа твая.
А мы, дзеткі, усе здольненькія
Пяём песенькі вясёленькія.
 
Як маленькай я ў матулькі жыла,
Як вішанька, у садочку цьвіла,
Цьвіла, цьвіла ды пацьвітывала
Лемантарык свой пачытывала.
 
Як прыйшла я у дзіцячы садок,
Пайшла зь дзеткамі ў танок, у танок.
Я гуляю тут пагуліваю
За работкай недакучліваю.
 
Як вішанька, у садочку цьвіту
І навукі ўсе лаўлю наляту, –
Я рысую і пачытываю,
Раблю цацкі і папісываю.

 

#Юрачка

1


Ой ты, Юрачка,
Што ня вучысься?
Так да невукаў
Ты далучысься.
 
А як вырасьцеш
Ты няўмекаю,
Усе высьмеюць
Недарэкаю.

*


А ў нашага Юрачкі
Зьелі сала шчурачкі,
Як пабег ён у лясок,
Каб схавацца ад кніжок.
 
А ў нашага Юрачкі
У капоце дзюрачкі,
Нарабіў ён іх сабе,
Як стаў лазіць па вярбе.

 
2


Ой ты, Юрачка,
Што лянуесься,
Хаткі нашае
Не пільнуесься?
 
Толькі бегаеш,
Забаўляесься,
Гэтак з кпінамі
Напаткаесься.

*


А ў нашага Юрачкі
Пагублены гузічкі, –
Ён тады іх пагубляў,
Як з садочку уцякаў.
 
А з нашага Юрачкі
Сталі кпіць і курачкі,
Што ня мыўся цэлы дзень
I бубніць, як авадзень.

 
3


Ой ты, Юрачка,
Кінь ляніціся,
Ды надумайся
Ты вучыціся.
 
Будзем цешыцца,
Што ты вучысься
I да невукаў
Не далучысься.

*


А нашаму Юрачку
Кот зрабіў пячурачку, –
Юрка мейсца там заняў
I з катком – курняў! Курняў!
 
А нашаму Юрачку
Тнуў камар у скурачку,
А Юрачка – ай-ай-ай!
Камарочак, не кусай!

 
[1932]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.