Не загаснуць зоркі ў небе, Покі неба будзе, – Не загіне край забраны, Покі будуць людзі. Ночка цёмная на сьвеце Вечна не начуе; Зерне, кінутае ў ніву, Ўсходзіць ды красуе. Наша зерне – нашы думкі – Не загінуць сьвету, – Бліснуць краскай непаблеклай Вечных агняцьветаў. З добрых думак, што мы кінем На сваім дзірване, Будзе ўнукам нашым жніва – Доля, панаваньне. Беларускаю рукою Сьветлай праўды сіла Славу лепшую напіша Бацькаўшчыне мілай. Зацьвіце яна, як сонца Пасьля непагоды, Ў роўнай волі, ў роўным стане Між усіх народаў. Не загіне край забраны, Покі жывы людзі, – Не загаснуць зоркі ў небе, Покі неба будзе!
[1911]
|
|