РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *

Пасьвячаецца маім тава-
рышкам Оле, Лідцы і Галі.


 
Сьветла, спакойна, лёгка бяз конца,
Грэе і лашчыць вясеньняе сонца.
Сінія далі ў імгле нягустой,
Лес прад вачмі вырастае сьцяной.
Сьнег між кустамі, між пнямі бялее,
Ветрык вясеньні, жартуючы, вее
З поля, дзе густа чарнее зямля,
З поля, дзе сёньня пануе вясна.
Там, дзе з блакітам зьліваюцца далі,
Горы палоскаю сіняю ўсталі,
Места там недзе, між гор залягло,
Ў дымцы хавае сваё хараство.
Звоняць у Вільні ледзь чутна і гукі
Сэрца чапаюць знаёмаю мукай.
Ціха... а тут, паміж соснаў старых,
Ўецца дарога да елак густых,
Ўецца, зьнікае, ізноў выбягае,
Поле і сьнег у кустох агібае,
Ўецца лагчынкай, дзе цені ляжаць,
Сосны дзе ў сіняе неба глядзяць.
Ціха, ўсё ціха... Заплюшчыўшы вочы,
Тут-бы, на сонцы, сядзела да ночы,
Твар прылажыла-б да цёплай зямліцы,
Слухала-б грукат вясеньні крыніцы,
Слухала-б тое, што ветрык пяе,
Ўсё, што гаворыць душы аб вясьне...
Сьветла, спакойна, лёгка бяз конца,
Грэе й ласкае вясеньняе сонца!
 
1921 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.