РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ігнат і п’яўкі
Байка
Лет шмат
      Таму назад
      Ігнат
Гарачынёй, здаецца,
      Купаўся ў рэчцы
      І, як на грэх
(Бадай, што заяц,
      Паганец,
      Сьцежку перабег),
К адной зь дзьвюх ног
Прынадзіў п’явак трох.
      Прыліплі, цягнуць, як мага,
      Аж сохне, корчыцца нага.
Бяда! Ўжо кінуўся і сяк і так,
      Заціснуўшы кулак,
Да іхняй скуры небарак, –
      Яны ж каб дбалі:
      Смокчуць далей!..
«Э, годзе, кіньце ўжо даіць, сястрыцы,
      Ці ж мала вам сваёй вадзіцы? –
      I сьмех, і грэх, і стыд, скажу я,
      Смактаці кроў чужую!» –
      Так ім навучна ён талкуе,
      I ў той жа час
(Ня першы п’яўкам, відна, раз)
      Пачуў адказ:
      «Мае суседкі вінаваты», –
Кіўнула зь іх адна Ігнату,
Як ёсьць уся ў бліскучых латах,
      I пацягнула цёплы смок,
Аж колька ў крук згібала бок.
«Ня мне, а гэным дзьвюм крывёй
      Жыць хочацца чужой», –
      Пачуў ён ад другой
      Таўстой, таўстой,
Ды сёрб, ад першага ямчэй,
Даць мусіў з жыліны сваей.
      «Я? я так толькі, з дабраты,
А вось за тых вазьміся ты!» –
З чароду трэйцяя хлюснула,
Найболей кемкага агулу,
I смагла, смагла смактанула...
 
*

      Што далей там было, –
      Да байкі не дайшло.
П’яўкі ж (ой, чорт недзе рад!),
Хоць дней сышло – праходзіць шмат,
      Жывуць як бы ні ў чым, –
А толькі, як даць раду ім,
      Варожа ўсё Ігнат!..
 
1909
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.