РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лён
Як на поле, на зямлю
Прыйшла раніца вясны,
Я пасеяла ў ральлю
Жменю зёран ільняных.
 
Неба сеяла цяпло,
Цёплы дожджык церушыў,
Ў думках радасна было,
Беглі песьні ад душы.
 
        Ой, лянок, лянок, мой чысты,
        Валакністы, залацісты!
 
Як расьці стаў, як падрос,
Як лісткі ўзьняў дагары, –
Лён палола з раньніх рос
Да вячэрняе зары.
 
Сэрца ныла, бы з нуды,
Бы сама была ня ўся, –
Спадабала я тады
Брыгадзіра Міхася.
 
        Ой, лянок, лянок, мой чысты,
        Валакністы, залацісты!
 
Як адцьвіў ды як надзеў
Лён галоўкі на сябе,
Быў ня горш, як у людзей,
Мела шчасьце я ў сяўбе.
 
Рваць ішла яго ў снапы,
Пела песьні аб вясьне,
Брагадзір лічыў капы,
Час ад часу моргаў мне.
 
        Ой, лянок, лянок, мой чысты,
        Валакністы, залацісты!
 
Я ішла лён абіваць,
Пад нагамі цёрся жвір;
Нібы семя арфаваць, –
За мной сьледам брыгадзір.
 
А мой пранік лясь ды лясь
Па гліняным па таку,
Падышоў бліжэй Міхась,
Мне паклаў на стан руку.
 
        Ой, лянок, лянок, мой чысты,
        Валакністы, залацісты!
 
А як слала я лянок
На зялёным на лугу,
Дзе папаўся Міхасёк,
Цалавала на бягу.
 
Сэрцу лёганька было,
Цэлы сьвет – вясёлы рай,
Хоць і восень, а сьвятло
Так і льецца цераз край.
 
        Ой, лянок, лянок, мой чысты,
        Валакністы, залацісты!
 
Зьмяла ў мельніцы я лён,
Адтрапала лён траплом, –
Засьвяціў, як цудны сон,
Лён шаўковым валакном.
 
Промень ясны загуляў
Па страсе і па сьцяне...
Хату новую стаўляў
Брыгадзір мой для мяне.
 
        Ой, лянок, лянок, мой чысты,
        Валакністы, залацісты!
 
1935
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.