РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вадарод
Бы сарваўся вар'ят утрапёны і злосны: 
Прах старых гарадоў дасягае нябёс, 
Зь дзіркай у чэрапе гінуць дваццатыя вёсны, 
Плывуць горкія рэкі жаночых сьлёз. 
І над морам, як над жаралом вулкана, 
Вырастае грыб і калечыць людзей, 
І кунгасы мёртвыя плывуць акіянам 
З поўным грузам разьбітых людскіх надзей. 
Наша маці-зямля, дарагая і сьветлая, 
З дымам фабрык, зь дзяцьмі і з мудрасьцю слоў 
Можа стаць назаўсёды, навекі праз гэта 
Проста чорнай труною для ўласных сыноў. 
Мог бы ты дараваць нам жыцьцё і квітненьне, 
Мог бы шчасьцем навек увянчаць народ. 
Хто ж зрабіў зь цябе сродак зла і зьнішчэньня, 
О грымучы, бязьлітасны кат-вадарод! 
Скарпіёны, што бачаць кальцо агнявое 
І кусаюць людзей, а потым сябе: 
«Здохні! Згінь, чалавек! Хай сонца сьвятое 
Не цалуе, ня лашчыць, ня грэе цябе!»
Ўсім даўно астабрыдла стаяць над абрывам. 
Што ж хаваеце, людзі, думкі свае?! 
О, калі ж яны прыйдуць, гады алівы, 
Што галінамі шар зямны абаўе? 
Гэта ж проста, як рэпа: магутнай сілай, 
Што дае чалавечай руцэ вадарод, 
Растапіць навекі зямны халадзільнік, 
Безнадзейнай Грэнляндыі мёртвы лёд.
І растаў бы ён, і цёплыя плыні 
Спарадзілі б дажджы над сьветам усім, 
І прыйшло б да нас мора, сіняе-сіняе, 
Зь цеплынёю, з прыбоем, зь пяском залатым. 
Над усёю зямлёю трапічныя зоры, 
Адбіваюцца пальмы ў цёплай вадзе. 
(Я, напрыклад, ніколі ня бачыў мора, 
Як мільёны іншых звычайных людзей.) 
У паэтаў дрэнных шпурлялі б бананамі, 
(Эстэтычней, ніж яек пратухлых пах), 
І расьлі б у Воршы маёй мангустаны 
І альясы ў туманных лясных Лядaх. 
І ад погані чыстая наша планэта 
Стала б вольнай, прыгожай, шчасьлівай навек, 
Стала б лепшым брыльянтам кароны сусьвету, 
Цёплым раем, якога чакаў чалавек.
 
1957
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.