 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Зьлегла воўнаю густою Цемра ночы над зямлёю. Цішыня. Цяплынь. Скрозь прагалы хмар кашлатых Зораць зоры, як дзяўчаты, Зь цьмяных далячынь. Лес стаіўся нерухома, Нібы ловіць голас грому З тых далёкіх хмар. Дзесь гуляюць бліскавіцы, Цемру гушкаюць зарніцы, Родзяць слодыч мар. І зямля заціхла нема, У турбоце яе дрэма, – Эх, каб дожджык ёй! Нібы ў тон яе журботам Пад застрэшкай, каля плота, Пчол гамоніць рой, Ды так ціха, ды так глуха! У тым гудзе чуваць скруха Ці то жаль зямлі. Дзесь цвыркун бесьперастанку Цягне сумную сьпяванку У густым гальлі, Ды ўстрывожана птушына Па-над рэчкай у нізіне Сьвісьне, бы ў кларнет. Праплыве гук баязьліва Па-над лугам, па-над нівай У зьнямелы сьвет, Ды зноў ціха-ціха стане. Ночка ў чорным сарафане Робіць свой абход, Расчыніўшы аканіцы Ясным зорам і зарніцам, Люстру ціхіх вод... Хмары ходзяць і зьнікаюць, А зарніцы ўсё бліскаюць, Аж трасецца цьма. А зямля глядзіць гаротна На бясплодныя палотны – Не, дажджу няма!
1938
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|