 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Між ніў дарожкаю сьляпою Іду я мернаю ступою І разглядаюся кругом. Пад ясна-сіняю страхою Чыеюсь дбалаю рукою Збудован мне прасторны дом. Утульна ў ім, дабра ў ім поўна, І ўсюды мудрасьці бязмоўнай Відна спрадвечная пячаць. На ветравеях, нібы воўна, Плывуць хмурынкі так чароўна. Чаго плывуць? Куды? – Маўчаць. Унь там рачулка срэбрам літым Бяжыць па жалобе размытым І цэлы сьвет жыцьця нясе, А луг зялёным аксамітам, Вянкамі кветак апавіты, Разьлёгся ў роскашы-красе. Дубы, сябры мае самоты, У высі неба мкнуць узьлёты, Сукі раскінуўшы вакол. А колькі згоды і пяшчоты У тых пяскох, што пазалотай Ускрай баркоў ляглі на дол! Як многа волі і разгону! Як многа песень, шуму, звону, Дзе ні паслухай, ні зірні! Свае тут звычаі, законы, У кожнай песьні свае тоны І свой адбітак глыбіні. Іду я, дом свой аглядаю Ды сам з сабою разважаю, А на душы такі спакой! І песьня нейкая жывая У дружны тон адзін сьпявае І з гэтым небам і зямлёй.
1939
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|