РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Майму другу
Немалую дарогу прайшлі мы
Па чужой і па роднай зямлі.
Адыходзілі вёсны і зімы,
І гады за гадамі плылі.
 
Шмат снавалі мы кросен шаўковых
З нашых думак-лятунак і мар;
Сустракалі нас ветла дубровы,
І лясы нам давалі свой дар.
 
Па-над рэчкай у лузе квяцістым
Мы хадзілі, бывала, ня раз;
Векавыя дубы жоўтым лістам
Навявалі няўцямны нам сказ.
 
Жураўлі праляталі над полем,
Забіраючы лета з сабой,
Ды пагуліваў вецер на волі
Зь неакрэсьленай ціхай журбой.
 
Эх, ды дзе не ляжалі пуціны!
Хіба можна іх зьмераць, зьлічыць?
Пакідалі мы дзьве каляіны,
Але песьня адна ў іх гучыць.
 
Аб той песьні, што сэрца мне поўніць,
Аб табе, кім жыву я заўжды,
Я хачу, мілы друг мой, напомніць,
Прыгадаўшы былыя гады.
 
1941
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.