На гасьцінцах бярозы Зусім пачарнелі ад ветру. Дзіч і глуш безнадзейная, Бураломныя хвояў кражы, На лясным раздарожжы капліца Праткнулася ў нэтрах, І Хрыстос сем стагодзьдзяў Вісіць на пахілым крыжы. Праз вакенца сьляпое Шэры дожджык глядзіцца у хату, У якой дагарае, Бы ў небе асеньнім зара, Непатрэбная старасьць Адстаўнога паўстанца-салдата, Невядомага гэнія, Беларускага песьняра. Дагарае жыцьцё. Хто на ўлоньне старому прытуліцца? Ні дзяцей, ні нашчадкаў, Даўно праляцела вясна, Прагрымела паўстаньнем, Прайшла празь зялёную вуліцу, Згасла ў цяжкай салдатчыне... Мусіць у рабстве сканаць. Мог бы славай грымець Сярод годных паэтаў Эўропы, – Гвалтам спуталі ногі, Трымалі ўвесь час за руку. Што пакіне ён? Вершык у памяці хлопаў, Кандэлябру ў касьцёле Ды кроў на гарачым пяску. А ў краіне так цяжка (Асіны ад ганьбы палаюць), І над ёй фанабэрыцца П’яны, разбэшчаны гун. Як пры князю Ўсяславе – дзень вялікі, а луста малая. Як пры князю Ягайле – На кожную сьпіну бізун. Абжыраюць удоў, П’юць з гарэлкай сірочыя сьлёзы, Тлустым задам расьселіся На паднявольнай зямлі, На шлагбаумы мёртвыя Пасьсякалі жывыя бярозы На шпіцрутэны гнуткія Запаветныя вербы зьвялі. Беларусь мая, сонца, Дарагая і родная маці! На якіх раздарожжах Згубіла ты шчасьце сваё? Ці удасца хоць дзецям Шчасьлівага дня дачакаці Пасьля мужнасьці гэткай, Пасьля столькіх крывавых баёў? Цень паўстаньня народнага, Дзень сьветлай волі Крашына! Я таксама пакутваў За гэту зямную юдоль... О, чаму ты, кажан, Не крануў мяне ў годы дзяцінства, Каб ня вырасла сэрца, Каб вочы ня бачылі боль? Мы чакалі свабоды, І касілі нас кулямі роты, Ў ланцугі нас кавалі, Каб пад палкай нам быў карачун. Узялі мае вершы, Ўзялі маіх дзетак гаротных. Вершы, бедныя вершы Пад чырваньню сургучу! Край сагнуўся ў сьпіне, Край баіцца размовы пра волю, Край згубіў сваю мову І матчынай песьні напеў... Нельга верыць у Бога, Калі ён такое дазволіў. Цяжка верыць у люд свой, Калі ён такое сьцярпеў. І няўжо не ўваскрэсьне Забытая родная мова Не на тое, каб енчыць, А каб крыкнуць да ўсіх на зямлі: «Ўстаньце, хлопы, да зброі! Ліце кроў для вялікай любові, Каб на гэтай крыві небывалыя кветкі ўзрасьлі!» Не учуем адказу, Усё больш нахіляюцца хаты, Ўсе маўчаць ад пялёнак: Мужыкі, дзецюкі і дзяды... Пройдзе некалькі месяцаў – Прах самотны старога салдата Хапатліва зьнясуць На глухія, старыя клады. О, як хочацца волі! Жаданая воля, ты чуеш? Асьвяці мне усьмешкай Апошнія дні у жыцьці. Ты маўчыш? Ты ня чуеш? Можа, ў дзень, калі ты запануеш, Верас будзе стагодзьдзі З разьбітага сэрца расьці. Беларусь, прачынайся! Я цябе абуджаю! Ты павінна прачнуцца, Не прасьпі сваё шчасьце ўначы, Я гукаю цябе, Дарагая, сьвятая! Адкажы ж, мая родная, Не маўчы!.. Паміраю і веру: Калісьці над сьветлымі водамі, Над свабоднай зямлёю І над Белай Русьсю маёй Шчасьце сонцам зазьзяе, І слова нашчадка свабоднага Мае раны загоіць Гаючай жывою вадой.
1958
|
|