РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Узбэкістану
Прыйшоў мой час. Я пакідаю
      Цябе, мой братні край,
І цяжка, ведай, ясны краю,
      Сказаць табе – бывай!
 
Другое неба нада мною
      Разьвесіць свой шацёр.
Ты ж на мяне зірнеш вясною
      Вачамі яркіх зор.
 
Я ўсім нутром, душой адчую
      Тваіх яснот цяплынь.
Я промень сонца пацалую
      З узбэкскіх далячынь.
 
Успомню горад, шумны, звонкі,
      І паркі, і сады,
Салар, узор арыкаў тонкі,
      І топаляў рады.
 
Куточкі ўспомню зацішныя
      І велічны Чымган,
І па табе душа заные,
      Край-друг Узбэкістан.
 
У цяжкі час вайны суровай
      Ты даў прытулак мне,
З узбэкам песьню адной мовай
      Складалі аб вайне. .
 
І меч адзін мы зь ім кавалі
      На злы варожы стан.
Няхай жа ўзносяць вышай хвалі
      Цябе, Узбэкістан!
 
Павеяў вецер, бы ў прадвесьне,
      Над нашаю зямлёй.
На разьвітаньне – з гэтай песьняй
      Прывет прымі ты мой.
 
1943
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.