 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Я радасьці большай ня ведаў бы ў сьвеце, Каб толькі была ты здарова. Ачуньвай жа, зорка, ачуньвай, мой квеце, Пачуй маё шчырае слова! Вясна пазірае з высокага неба, У сонцавых косах іскрыцца. З-пад сьнегу выходзіць зьнямелая глеба, Расплюшчвае вочы крыніца. І хата ўжо блізка, і лес наш духмяны Пах смолак зычліва струменіць. Няхай жа загояцца болі і раны І сыдуць панурыя цені. Вясна расчыняе наўсьцяж аканіцы І сьцеле на дол аксаміты. Зачэрпвай жа сілы з гаючай крыніцы, Зь зямлі нашай, горам спавітай! Распусьціцца лісьце на белай бярозе, І ляжа прад намі шлях новы. Дык рана яшчэ прыставаць у дарозе, Ня ўсе нашы сказаны словы. Я радасьці большай ня ведаў бы ў сьвеце, Каб толькі была ты здарова. Ачуньвай жа, зорка, ачуньвай, мой квеце, Пачуй маё шчырае слова!
1945
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2022. Беларусь, Менск.
|
|
|