РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Цяга
Вячэрні вечар на ўзьлесьсі сінім.
Бярэзьнічак. Іржавы мох балота.
За дальнімі халоднымі лясамі
Ірдзее сонным сонцам небакрай.
Зноў лужыны зацягвае лядок:
Зіма саслаблая шалёна хоча
Яшчэ хоць ноч падыхаць і пажыць.
Пад ботамі намокнуўшая глеба
Цалуе палка стомленыя ногі,
Бы кажа: «Любы, любы мой, каханы,
Не ўцякай. Пабудзь са мною трошкі».
Я не пайду. Са мною патранташ
І стрэльба на плячы. А ў сэрцы прага,
Што прашчура майго вяла калісьці
Зь сякераю на маманта.
                                                  Вядома,
Даўно заціхлі мамантавы крокі,
Што выгіналі пад сабою глебу...
Але у гэты час інстынкт крывавы
Зноў абуджаецца ў душы маёй,
І мне здаецца: вось пачую крокі,
Вось з-за бяроз на рыжую паляну
Працісьнецца тупая галава,
І выйдзе ён, магутны, дзікі, рыжы,
Бы зьлеплены з балотных гэтых купін.
Як леташняя жоўклая трава,
Зьвісае поўсьць. І я, ад захапленьня
Ня памятаючы сваіх пячор,
І вогнішча, і цяжкіх сківіц любай, –
Насустрач кінуся зь вясёлым крыкам
І ў хобат кіну тручаную дзіду.
О, дзе ты, цяжкі мамантавы бег
Па сініх-сініх месячных раўнінах,
Дзе вогнішча ў закураных пячорах,
Малюнкі охрай на скляпеньнях чорных
І дзіда у асілкавых руках?!
Мая здабыча - кулічок іржавы
Зь пярсьцёнкам залатым каля вачэй
І з доўгай дзюбай, а сабой - кулак.
Ляцець далёка, ледзь вяслуюць крыльлі,
Ён бачыць лес, начны перапачынак,
І з радасьці ня можа утрымаць
Свой крык: «Цыр-цыр! Хор-хор!» Вядома, подласьць
Страляць па слонках, стомленых вясной,
Але ж інстынкт і прага, прага, прага.
Вось ён ляціць на жоўтым фоне неба,
І рукі цьвёрда стрэльбу узьнімаюць,
І вока пільнае шукае мушку...
Стрэл, як пярун!..
                                        Вальдшнэп шугае ўгору...
Ён проста падымаецца над лесам...
Прамазаў я. І радасна чамусьці,
І горка мне. Ляці сабе далей,
Мая крылатая, сьвятая радасьць,
Жыві і хоркай, і выводзь дзяцей,
І, можа, я яшчэ цябе сустрэну
І будзе двойчы радасьць у мяне.
Я, можа, мазануў зусім наўмысна,
(А мо брашу, няўмельства прыкрываю, –
Ня ведаю.) Але нашто ён мне,
Вось гэты мой бізон, мядзьведзь і мамант
Зь бязьсільным і падвернутым крылом.
Люблю жыцьцё, і гэты лес вясеньні,
І коцікі пушыстыя вярбы,
І «хорр» вальдшнэпа. О, дваякасьць сэрца:
І прага ўбіць, і прага даць жыцьцё!
Не, я ня прашчур. Можа, ў тыя дні
Я бараніў бы мамантаў ад згубы,
Хай на зямлі былі б яны і зараз
І скублі «сіні сон», нібы каровы,
На любых, весьніх, залатых лугох.
Ляці ж далей, мая сьвятая радасьць,
Будзі лясы няўмелым, сьціплым рыпам.
Ня ўсім дано ў жыцьці сьпяваць прыгожа,
А славяць ўсё жыцьцё!
                                                  Сьляпое сонца
Скацілася за пушчу. Цішыня,
І першы-першы шум жывога лесу
Азваўся мне. Даўно-даўно на небе
Ірдзее стужка жоўтая зары,
І толькі на найбольшай верхавіне
Яшчэ ляжыць яе адбітак жоўты,
На дзьвюх сароках, што балбочуць жвава
Пра тое, што мядзьведзя не баяцца,
Наверсе седзячы.
                                      Зноў шум жывы
Азваўся ў лесе. Цёмны змрок і вільгаць,
І цьмяна сьвеціцца вада балотцаў.
І цішыня. І ў сэрцы песьня шчасьця
Зьліваецца зь пяшчотным і любоўным
Сінічым галаском непадалёку:
«Цы-віць, цы-віць...»
 
1958
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.