РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На вясеньні лад
Расьсеяла сонца, як сейбіт зярняты,
      Бліскучыя іскры сьвятла.
      А сэрца ж так хоча цяпла,
Утулку і ласкі загубленай хаты.
Імкнецца душа мая ў марах крылатых
      Туды, дзе сінеча лягла;
 
Дзе неба, бы тая хрустальная чаша,
      Спадае на бераг зямлі;
      Дзе ў сонцы лес песьціць камлі;
Дзе гоману поўна кузурак і пташак;
Дзе грэецца поле і рослая паша
      І гай выступае ўдалі.
 
Хачу я прастору і яснасьці чыстай,
      Я прагну самотных хвілін
      Сярод сасьнякоў, лугавін,
Дзе песьні гайдаюцца ў хвалі празрыстай,
Дзе ўсё так спакойна і так урачыста,
      А ты разважаеш адзін
 
І роўным дыханьнем п’еш слодыч спакою,
      Адкінуўшы болі турбот,
      І марам даеш ты палёт...
Я ў сэрцы вітаю дубы над ракою,
І ціхія вёскі, і мілую хвою,
      Вітаю цябе, мой народ!
 
1946
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.