РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда пра паўстанца Ваўкалаку
Апошняя ноч над зямлёю.
Каля мяне, як цень,
Праходзіць да вадапою
Вольны лясны алень.
 
Заўтра нічога ня будзе.
Ляжу ў яры ля ракі.
Куляю срэбнаю ў грудзі
Звалілі мяне паюкі.
 
У полі абшар шырокі,
А тут і вільгаць, і цень.
Няма прасторы для вока...
 
Лісьце аб’еш, алень!
 
Біўся з панамі нямала,
На ўсіх наганяючы жах,
Часамі – і без кінжала,
З адною злосьцю ў руках.
Дабрацца б да родных межаў,
Пабачыць бы новы дзень...
Дай глянуць на сьвет бязьмежны,
 
Лісьце аб’еш, алень!
 
Мне ж не зламаць рукамі,
Я ж не магу стаяць,
А там на гары, за кустамі,
Родная хата мая...
Сястра сядзіць пад калінай,
Абляпілі «маскалікі» пень...
Зрабі прасьвет у галінах,
 
Лісьце аб’еш, алень!
 
Каб хату пабачыць бедную
І неба, дзе бусел ляціць,
Каб могілкі мог я ўгледзець,
Дзе маці мая ляжыць.
Пад мядовыя гівала гукі,
Патаемны крык леляка
Склала каравыя рукі,
Чакаючы з пушчы сынка.
Апоўдзень над тымі капцамі
Сыта бубніць авадзень...
Зламай крушыну рагамі!
 
Лісьце аб’еш, алень!
 
Зьнімі мяккімі губамі
Пярсьцёнак з рукі маёй.
Там, пад старымі дубамі,
Хата пад новай страхой...
Ад пана адбіў дзяўчыну,
Ад пана на белым кані...
Схавалі мяне яліны,
Хмыз, лесавыя пні.
А ў сэрца другі ёй убіўся,
Пакорлівы, добры, сьвяты.
Я бачыў і адступіўся, –
Што возьмеш з авечак ты?
Зрабіў я, што пан у іх новы
(Й таго «Кабыздохам» завуць),
Дапамог канём і каровай,
Няхай сабе ў міры жывуць...
Пярсьцёнак жанчыне ў маністах
Аддай і пра сьмерць не крычы.
Хай будзе сумленьне чыстым!
Хай сьпіць спакойна ўначы!
Цяпер і маніць ня трэба,
Як слабасьць да сэрца дайшла:
Больш солі,
                          больш хлеба, больш неба
Патрэбна яна была.
І толькі волі вялікай
Я б за яе не аддаў...
Зацкаваны... Магутны... Дзікі...
Як я яе кахаў!
Пабачыць бы любыя вочы,
Пакуль не пакрыў мяне цень.
Не абмінай!
Варочай!
Лісьце...
Аб’еш...
Алень!
 
1956
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.