РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бабіна лета
Над густа-сінім возерам чарот
З прыходам восені шуміць тужліва.
Здаволена гумно на поўны рот
Глытае дар багатай, сьпелай нівы.
Як шэрань на траве, палотнаў рад,
Ля хат вясёлыя гамоняць людзі,
Кабеты ў садзе кормяць немаўлят,
Сад засаромеўся і стаў аж рудым.
Чароды на зялёных берагох
Апошняю гадуюцца травою,
І сьлівы сыта луснулі ў бакох,
Аб'еўшыся і сонцам, і зямлёю.
Жанчына ля іржэўніка сядзіць
(Мо сівізна ў касе, мо павуціньне)
І думае і ў далячынь глядзіць,
Дзе жоравы лятуць імклівым клінам.
Юнацтва шкода, сэрца хоча жыць,
А думкі нейкай цеплынёй сагрэты.
Далёка да зімы!
Як добра адпачыць!
Якое доўгае бывае лета!
 
1958
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.