РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ліхтар
На бэльцы ў вараўні
Вісіць ліхтар
Павукі аплялі яго павутой
Думаючы што ліхтар
Гэта сонца
Якое цяпер аплеценае павутой
Належыць толькі ім
А ліхтар чакае свайго часу
Калі гаспадар здыме яго зь цьвіка
Пратрэ шкло і налье газы
Запаліць кнот
І зьнікне з вараўні цемра
І зьявяцца ў вараўні цені
Але гаспадар заходзячы ў вараўню
Нават і не глядзіць на ліхтар
І толькі ўляцелыя мухі
З крыкам «мой!»
Кідаюцца да ліхтара
Ліхтар злуецца але маўчыць
Верачы што прыйдзе дзень
Зьіржавее цьвік у бэльцы
І зваліцца ліхтар на зямлю
І разаб’ецца
І зойдзе гаспадар у вараўню
І ўбачыць разьбіты ліхтар
І заплача
Але цьвік не іржавее
І вісіць ліхтар забытым палонным сонцам
І радуюцца павукі
Што ліхтар цяпер належыць толькі ім
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.