РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Матчына душа
Прысьвячаецца С.М.
Ноч прыйшла да зямлі на спатканьне, 
Захад скончыў агнём палаць, 
І дубы ў малочным тумане 
Веліканамі ціха стаяць. 
Бач, агеньчыкі вёскі далёкай, 
Бач, на ростані ўзьняўся курган. 
Явар сумны і адзінокі 
Пахіліў задумёны стан.
Кветка тут уначы расьцьвітае, 
Водар мяккі пялёсткі льюць... 
І яе па роднаму краю 
«Кветкай матчынай» людзі завуць.
Я крануў яе ціха рукою – 
І пялёсткі сьпеў завялі, 
І паўсталі вакол чарадою 
Ўсе паданьні роднай зямлі.
Вось карона ў рацэ заблішчэла, 
Хтось плыве, як туман, на вадзе, 
Па дарозе, ад месяца белай, 
Цар зьмяіны кудысьці паўзе.
Цені ў лесе бягуць. Цямнее. 
І ў чароўнай лясной гушчыні 
Праімчаўся кудысь, як завея, 
Ян Прыгожы на белым кані. 
Нехта зблытаў на росных палянках 
Сьцежкі ўсе ў недасяжны край. 
Як далёка, далёка каханка! 
Сто гадоў шукай ды шукай. 
Недзе лье яна чыстыя сьлёзы, 
Спавівае ўвесь замак сон, 
І Буран на сухой бярозе 
Сьцеражэ яе ля акон. 
Над зямлёю зарніцы мільгаюць, 
І здаецца, што гэта ня гром, 
А нячыстую раць пабівае, 
Пакаціла цудоўным мячом. 
І ня вецер раве-нарастае 
І ламае гальлё на дубах, 
А асілкі дубы зьмятаюць, 
Каб да сонца расчысьціць шлях. 
І пялёсткі гучаць трывожна, 
Бо мінуўся сьпеў забыцьця. 
Казкі новыя, казкі грозныя, 
Небывалыя казкі жыцьця. 
Ўспамінаю косы, і вілы, 
І над замкамі жаркі агонь, 
Безымянныя ў лесе магілы, 
І няволі цяжкі палон, 
Волі нашай крывавыя роды, 
Катаваньні і зьдзек варагоў, 
Барацьбу і пакуты народа, 
Неўміручую душу яго, 
І паўстаньні, паўстаньні бясконцыя, 
І замучаных кроў на ральлі, 
І, нарэшце, шчасьце і сонца, 
Што сышло на нашы палі. 
Вы, што маці душу забылі, 
Безь яе пажадалі пражыць, 
Што вы варты бяз гэтай магілы, 
Без каліны на роднай мяжы?
Без дубоў, што ў тумане млеюць, 
Без расы на роднай траве? 
Павяртайцеся! Вецер мацьнее! 
Маці кліча, кветка заве! 
Для яе я павінен, я мушу 
Неўміручыя гукі схапіць, 
Ўзяць у рукі «матчыну душу» 
І на вершы яе пераліць. 
Запісаць старыя паданьні, 
Усё, што думаў і што жадаў, 
І легэнды, што на кургане 
Сумны явар мне прасьпяваў.
Цяжкі крыж, але вельмі пачэсны, 
Пераліць на свае аркушы 
Казку мудрую,
Простую песьню, 
Кветку матчынай чыстай душы.
 
18.VII.1954.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.