РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мокрыя травы
Я сумую па Радзіме,
Па яе лугох і нівах, 
Па трыпутніку, што гладзіў 
Ногі зьбітыя мае, 
Па укропе на гародзе, 
Рэчках ціхіх і лянівых 
І па сопкай белай бульбе, 
Што на стол яна дае. 
 
Я сумую па Радзіме... 
Бачу ціхія паляны. 
Цёплы мёд яе маліны 
Адчуваю на губах. 
Ты – мая лясная казка 
У красе доўгачаканай, 
Ты – мая сьвятая песьня, 
Сьвет адзіны у вачах. 
Просты сьвет, дзе дрэмлюць хаты, 
Дзе раса на травах сьпее, 
Дзе у росных шатах чуцен 
Гівала пяшчотны сьвіст, 
Дзе наўсьцяж канавы мокрай 
Пышны курасьлеп жаўцее, 
І купае тлусты лопух 
У вадзе мясісты ліст. 
Мокры край. Дажджы і сонца. 
Вільгаць сонечнага лета. 
Жарабя бяжыць па лузе, 
Радасна задраўшы хвост. 
Цэлы век вісіць вясёлка 
Над краінай мокрай гэтай, 
І глядзяць спакойна коні 
На нябесны дзіўны мост. 
 
Я сумую па Радзіме, 
Як каханы па дзяўчыне, 
Я жадаю ўвесь прыпасьці 
Проста да яе рукі, 
Да грудзей – тугіх узгоркаў, 
Да вачэй – азёраў сініх, 
І замерці ў пацалунку 
На гадзіны і вякі.
 
1960
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.