РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Разьвітальная песьня
Ці-і-іпак,
Ці-і-іпак.
Сумна. Ня хочацца ў шлях далёкі.
Шпак
            на галіне бярозы высокай,
Чорны шпак,
Трапёткі шпак.
Чысты абшар халодных нябёс,
Белыя травы засумавалі,
Белыя травы на сонцы адталі,
Плачуць ружовымі нізкамі сьлёз.
Ці-і-іпак,
Ці-і-іпак.
Шпак не трапеча, ён не ўзьвіваецца,
Шчасьцем жыцьцёвым не захлынаецца,
Сёньня з радзімаю ён разьвітаецца.
Сумна,
Працяжна сьпявае шпак.
Песьня шпака халадком цячэ,
Доўгі, празрысты сьвіст на сьвітаньні...
Час адлятаць ад радзімы туманнай,
Сьветлай для кожных птушыных вачэй.
Ў сэрцы птушыным яна жыве
З дымнаю сушняй, з садамі расянымі...
Вецер над чорным, чужым акіянам
Перыйкі,
Перыйкі,
Перыйкі рве.
 
1960
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.