Баляда Язэпа Юхо
|
19.03.1921 – 29.07.2004
|
Ты знайшоў залатую жылу – Гэта наш беларускі шлях, На якім у траве магілы І вугольле ў крыві й сьлязах. Значыць, тут мы жылі спрадвеку, Значыць, тут нам і далей жыць І цячы ў акіяны рэкам, Нашым рэкам ня знаць мяжы. І Эўропа ня нейдзе ў далі, А яна ёсьць і будзе тут. Мы стагодзьдзі яе шукалі, Ледзь ня трацячы родны кут. І мінулася ўсё, ня зьніклі Нашы мова, палацы, кроў. «Адкажы, каго любіш?!» – крыкні І пачуеш нязьменна зноў: «Я люблю Беларусь!» І ў сэрцах Словам гэтым заўсёды жыць, Бо аб іх, як аб сьцены, б’ецца І вятрыска, і меч чужы. І табе болей тут ня трэба Анічога, чым родны край, Над якім залатое неба, Дзе Шлях Млечны, як шлях у рай. Ты аддаў залатую жылу Беларусам, што будуць жыць У краіне, дзе ў кветках магілы І стаяць на магілах крыжы...
25–27.X.2008.
|
|