РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мая дудка
Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсім будзе чутка
Ад краю да краю!
Ой! то будзе граньне,
Як на павітаньне
І як на васэле,
Нядоўга тыкеле*#Тыкеле#Толькі.:
Прэндка скончу песьні...
Покі дудка трэсьне,
Ці паглохнуць людзі,
Ці высахнуць грудзі,
Сілы надарвуцца
На радаснай дудцы,
І выцекуць сьлёзы
На сухія лозы...
Выйдзе душа парай,
Падымецца хмарай,
Туманом па рэчца,
Расой разьліецца,
Каласочкі зрося,
Каб жыта ўдалося.
А хлеб зьядуць людзе,
І зноў сьляза будзе.
Ну, дык грай жа, дудка,
Каб жа была чутка,
Каб аж вушы драла;
Каб ты так іграла,
Каб зямля скакала!
Заграй так васола,
Каб усе у кола,
Узяўшыся ў бокі,
Ды пайшлі у скокі,
Як віхор у полю –
Аж выючы з болю,
Каб аж рагаталі,
А усё скакалі...
Каб скакалі горы,
Як фаля на моры,
Як паны на балі, –
Каб вот як скакалі!
Каб аж пыл курыўся,
Каб сьвет заваліўся
Ды усё круціўся,
Як ў нашага брата
У п’янога хата...
        Га! Чаму ж ня граеш?
Хіба ты ня знаеш,
Ня ведаеш хіба,
Што, як тая рыба
Ды на лёдзе б’ецца,
Так вот я, здаецца,
Сорак гадоў б’юся,
Ніяк не зьвярнуся,
Ніяк не натраплю
Вадзіцы хоць каплю,
Ды такой вадзіцы,
Ды з такой крыніцы,
Што як хто нап’ецца,
Дык вольным стаецца.
Грай, васола ж грай
Альбо долю дай!..
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Енчыш безумолку!
Не, ня будзе толку!
Кіну ж дудку тую,
А зраблю другую.
        Цяпер зраблю дудку
Ад жалю, ад смутку.
Га! зраблю ж другую,
Жалейку смутную,  –
Ды каб так заграла,
Каб зямля стагнала,
От каб як заграла:
Каб сьлязьмі прабрала,
Каб аж было жудка,
От то мая дудка!..
Вот зрабіў такую!
Дай жа папрабую...
        Ну, дык грай жа, грай жа,
Усё спамінай жа...
Штодзень і штоночы
Плач, як мае вочы,
Над народу доляй,
І плач штораз болей.
Плач так да астатка,
Галасі, як матка,
Хаваючы дзеці,
Дзень, другі і трэйці
Іграй сьлёзным тонам
Над народу сконам!
Каб ты так іграла,
Каб немарасьць брала.
Як сьлязы ня стане,
Заціхне граньне,  –
Кінь наўкола вокам,
Дык крывавым сокам  –
Не сьлязой  – заплачыш,
Як усё абачыш.
Як крыві ня стане,
Тагды кончу граньне!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.