РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вуліцы
Дом, дзе першае стрэў сьвітаньне,
Быў на ўскраіне ля дубровы.
Вулка першая да паўстаньня
Мела назву Планоў Князёвых.
Назвы новыя не прыліплі
(Мураўёўская! Петраградская!) –
Да пчаліных дзедаўскіх ліпаў,
Што на Вуліцы Першай Радасьці.
Неіснуючая, нечуваная
Засталася ты ў сэрцы шалёным
Вечнай Вуліцай Абдуванчыкаў
(Залатых-залатых на зялёным).
Вуліцай Мокрых Падтыньнікаў,
Вулкай Звону з-за Весьняй Дубровы,
Вуліцай – Яйка Качынага
Ў Нэтрах Сонечна-лапуховых,
Вуліцай Вось ты і Дома,
Вуліцай Душ Сагрэтых...
Вуліцай трыццаць сёмага
(Але я ня ведаў пра гэта).
Назву новую гнеўна вырыдаў
Рот Айчыны, крывёю заліты.
Ты ў вайну стала Вуліцай Ірада,
Тупіком немаўлятак забітых.
Стала Вулкай Руін і Змарлых,
Стала Вулкаю Год Праклятых,
Вулкаю Клятага Карліка,
Вулкай Сусьветнага Ката.
Колькі год давялося мне класьці
У муры вашы цэглу звычайную,
Вулка Вуснаў і Вулка Шчасьця,
Вулка Здрады і Вулка Адчаю?
Вулка Першага Верша і Слова
(І Апошняга Верша Крывавага),
Вулка Бацькаўшчыны і Мовы,
Вулка іхняй Зіхоткай Славы.
Колькі год я сноўдаўся ценем,
Каб патрапіць на Вулку Радасьці
Вулкай Мудрасьці і Сумленьня,
Вулкай Гневу і Барыкады.
Можа, здарыцца й так, што гора
І вайна зноў падуць на народы,
І мяне за любоў маю горкую
Да Вуліц Радзімы й Свабоды
Павязуць, каб і попел расьсеяць.
На вянчаньне з драўлянай жырафай
Па вулцы Сьвятых Фарысеяў,
На плошчы Анны з Кайяфай.
Хай!
          Ніколі ня помняць сьвіньні,
Што з плошчы Няпраўды Дрымучай,
З Лобнай Плошчы – вядзе праз Краіны
Бясконцы Тракт Неўміручасьці.
 
12.II.1966. Рагачоў. 11.10 вечара.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.