Баляда пра беларуса на чужыне
|
Нібы збавеньня, ён шукаў дамоў дарогу І ўсё часьцей у снох ён бачыў родны кут. Чыжынцы славілі сябе, раўнялі – з Богам. І толькі Беларусь сваю ён славіў тут. Зь яго не насьміхаліся, нібы з дурнога: «Знайшоў што славіць на зямлі чужой!», А білі ўсе за Беларусь, і больш – за Бога, І целам ён слабеў, ды толькі не душой. І ў гэтым вольным сьвеце не шукаў ён волю, Бо разумеў – яе цяпер няма нідзе. Ён ведаў, што дамоў ня вернецца ніколі, Але і тут, за проста так, – не прападзе. І не прапаў. Спалілі на кастры старога. Касьцёр у чорным небе зоры запаліў... За што згарэў? За тое, што ён ведаў многа, І, больш за тое, што ён Беларусь любіў.
|
|