Адрокся ад мовы, адрокся ад маці, Адрокся ад жонкі і кучы дзятвы І кажа: «Нічога яшчэ я ня страціў, Галоўнае сёньня – здаровы, жывы.» На могілках з ранку магілы капае, Па блату выгодную працу знайшоў. Заўсёды ёсьць выпіць – людзей тут хапае, Якія падносяць крышталь барышоў. І што яму горад, і што яму гора, Ён сам тут і грэшны, і сам тут сьвяты. Ён быў непатрэбным нікому – учора, А сёньня ўжо зь ім ты ня будзеш на «ты». Ён майстра найрэдкі, ён ведае справу, Ня суньце траячку – ня грошы траяк. Заплаціш – і яму ён зробіць на славу, Што ад захапленьня заплача мярцьвяк. Заплаціш – і ён не спытае нічога І стане адразу надзейным слугой. Заплаціш – і ён закапае любога, Заплаціш – і горад засыпле зямлёй... Сядзіць ён на сьвежай магіле, як воран, Паўнютка ў кішэні і пуста ў душы. І што яму шчасьце, і што яму гора, І што яму зоркі, штандары, крыжы...
|
|