РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Люблю вакзала тлумны Вавілон.
Хвастамі чэргі стомлена віхляюць,
Таксісты ловяць нас, нібы варон,
І, як здабычу, у таксі піхаюць.
З вакзала праз мурзатае акно
Гляджу на двор, дзе ў тупіку вагоны.
Там, за вагонам, дзядзька п’е віно
І на мяне глядзіць, як на шпіёна.
А мой сусед, малодзенькі салдат,
Храпе-сапе, дарогаю стамлёны.
Пад пахаю трымае дыплямат,
Нібыта ў ім вар’яцкія мальёны.
Мазутай, хлоркай пахнуць скразьнякі,
І шамацяць навінамі газэты.
На хатулях вясковыя жанкі
Ядуць з буфета стылыя катлеты.
Мы ўсе тут богу верым аднаму –
Дакладнаму, як бюракрат, раскладу.
То радуемся добраму яму,
А то праклёны шлём яму, як гаду.
Сягоньня я сюды прыйшоў дарма –
Няма білетаў – навіна ня нова.
І горад мне, як вольная турма,
Якую сам я выбраў пажыцьцёва.
Ды ўсё ж люблю вакзала Вавілон,
Дзе чэргі злосна, стомлена віхляюць,
Таксісты ловяць нас, нібы варон,
І, як здабычу, у таксі піхаюць...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.