І ноч рассыплецца на росы, І паплыве па росах цень. То будзе цень ад птушкі боскай, Які пачне сабою дзень. І птушку боскую ў цямноцьці Шукаю, быццам бы сьляпы, Які ня бачыць прыгажосьці, Ды адчувае: «Ёй тут быць!» У жыце плача перапёлка Аб тым, што радасьці няма. Ад горкай песьні ветру золка, І ноч яму, нібы турма. Іду, душою адзінокі, І птушку боскую заву. А зь неба ападаюць зоркі І паляць сумную траву. Ды ноч рассыплецца на росы, І паплыве па росах цень. То будзе цень ад птушкі боскай, То будзе мой Любові дзень.
|
|