РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ты сяброўку сваю абяцаеш забіць,
Бо твайго мужыка спакусіла яна.
Прад табой на стале нож кухонны ляжыць,
І стаіць недапітая пляшка віна.
 
А яны ўжо зьляцелі даўно за туман
І шампанскае п’юць, і на пальмы глядзяць.
Ну а іх бы галубчыкаў у Магадан
За такую падлянку гадочкаў на пяць.
 
Толькі ты анічога ня зможаш зрабіць,
І таму будзеш піць, як атруту, віно,
Па кватэры нямілай, як прывід, хадзіць,
Нібы ў прорву, асьлепла глядзець у вакно.
 
І ўсе спаліш партрэты ягоныя ты,
І адзеньне ягонае ты падзярэш.
Прапаўзуць праз твой лёс, нібы гады, гады,
Але ўсё-ткі ты безь яго не памрэш.
 
Ну а ён ледзь жывы ўсё ж прыедзе дамоў,
Будзе ў дзьверы ўсю ноч звар’яцела званіць.
Будзе штосьці пад нос балбатаць пра любоў
І крычаць, што цябе ён ня можа забыць.
 
Ты ж ня пусціш яго за парог,
І ён пойдзе навек у няма лістапад.
А ты будзеш шаптаць: «Для мяне ты, як бог...»
І чакаць, што ён хутка зноў прыйдзе назад.
 
А пакуль што сяброўку ты хочаш забіць,
Бо твайго мужыка спакусіла яна.
Прад табой на стале нож кухонны ляжыць,
І стаіць недапітая пляшка віна.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.