РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Радавое гняздо
Пальцы гладзяць патрэсканы лак на партрэце.
Здасца, што фарбы праменяць чамусьці цяпло.
І праз разьбіты вітраж завітае пан вецер...
Вось яно, продкаў, амаль што забытых, жытло.
 
Колькі зьмянілася тут пакаленьняў і лёсаў!
Колькі вясельляў і колькі самотных старых!
Гэтыя сьцены, што пахнуць гнільлём і марозам,
Бачылі сьмерць, і каханьне, і вояў чужых.
 
Бедны нашчадак у джынсавых портках, якія
Прадзед аддаў бы прыслузе на стайню насіць,
Памяць твая анічога табе не адкрые,
Як тут жылі! Так ніколі табе не пажыць.
 
Што за размовы ўчынялі за кубкам гарбаты
Інтэлігенты мясцовыя ўзросту твайго.
Сьвет перайначыць хацелася! «Хто вінаваты?»
Ды «Што рабіць?» – паўтаралася з году ды ў год.
 
Тут атэізм прапаведвалі кветкі-курсісткі,
Потым – вянчаліся, дзетак хрысьцілі сваіх.
Тут пачыналіся спрэчкі аб мове мужыцкай
І беларусам назваў сябе нехта зь сям’і.
 
Як яны марылі шчасьце нашчадкаў наблізіць!
Волю ўсьпявалі, шукалі дарогі прамой...
Дом іх зрабіўся маёмасьцю сацыялізму,
І пад нагамі нашчадка – тынкоўка і гной.
 
...Цені паненак вальсуючых, рэшткі паркета,
Мат рускамоўны на сьценах, парваны плакат...
Цьмяны пагляд ацалелага цудам партрэта...
Час не павернецца... Дый і ня трэба – назад.
 
Выйдзі адсюль, з апаганенай цёмнай грабніцы.
Хто вінаваты – ня думаць пра гэта лягчэй...
Ветах запаліцца яснаю сьвечкай грамніцаў.
Зь вёскі чужой ты паедзеш як можна хутчэй.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.