РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вечар у засьценку
Стары крышталь, ад часу цьмяны,
Блакітным сяйвам шафу поўніць.
Віжамі дзьверы не ўзламаны,
І зоры ўцягваюцца ў комін.
Засохлым лісьцем пахнуць кнігі.
Чытаньне пры агні – як воля.
І ў навакольлі ціха-ціха,
Таемна ціха – як ніколі.
Дрымота дыхае за крэслам
Ці сьмерць? Прыпынак ці дарога?
А сэрца стукае, як цесьля,
Зьбівае лесьвіцу да Бога.
На разуменьне спадзявацца
У гэтым сьвеце – проста слабасьць.
І мы выходзілі на пляцы,
Вучыліся дзьвярыма ляпаць.
І вось – па склепах, па маёнтках
Параспаўзлося пакаленьне.
А варта высунуцца вонкі –
Гразёй запэцкаеш каленкі.
Напалеоны і Касьцюшкі
Сядзяць у вальтэр’янскіх крэслах.
Хай сьцены і прыдбаюць вушы –
Душу маўчаньне робіць сьмелай.
Занадта ўтульна ў гэтым крэсьле,
Каб сьцюжу наклікаць праз слова.
Няхай крышталь у шафе сьвеціць –
Звычайны посуд засьцянковы.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.