РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Скарына ў Празе
Зноў Багемская Камора
Шле свой допіс Фердынанду:
«Пан Францыск, садоўнік новы,
Завіхаецца ня надта.
 
Трэба гнаць яго бяз жалю
Ці рабіць як сьлед прымусіць.
Лайдака сюды прыслалі
Нам зь якойсьці Белай Русі!»
 
Вулкі пражскія сьвятлеюць
Цёплым сьнегам тапаліным.
Па замеценай алеі
Сам ідзе мудрэц Скарына.
 
Сьнег таполевы зьнікае
На сівым яго валосьсі.
Там, у родным белым краі,
Вецер пух таксама носіць...
 
Пан садоўнік, столькі сілаў
Ты ахвяраваў асьвеце,
Каб зрабіўся іх магілай
Каралеўскі сад – і вецер.
 
Бібліі жывое цела
Разрывае поп рукамі...
Пан садоўнік, ты пасеяў
Зерне на сьцюдзёны камень...
 
І твае гараць усходы
У кастрах Масквы і Вільні,
Бо над Захадам і Ўсходам
Нецярпімасьць – бог адзіны.
 
Пан садоўнік, пан Скарына
Па алеях саду крочыць.
Цёплым сьнегам тапаліным
Засыпае вецер вочы...
 
А Багемская Камора
Крэхча, грошы лічыць, піша,
Піша пра беларусіна,
Што садоўнік ён няўвішны.
 
А Багемская Камора
Хоча ягад размаітых...
...І ляціць на чэшскі горад
З Русі – попел белы літар.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.