РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Зноў чорная кава, як лекі ад сьмерці,
У кубачку белым на шэрым стале.
У шыбу маю лісьце кідаюць чэрці,
Каб я не пабачыў, што на памяле
Прыгожая ведзьма над Менскам лятае.
Прыгожая ведзьма, як сьмерць, маладая.
 
Палю цыгарэту і дым сіняваты
Плыве да вакна і паўзе па вакне.
Раней я любіў і віно, і гарбату,
Цяпер толькі кава суцешыць мяне.
Спакусная ведзьма над Менскам лятае.
Спакусная ведзьма, як ноч, маладая.
 
А я адзінокі, нібыта сабака,
Завыць адзічэла хачу і маўчу.
І чорную каву глытаю са смакам
І ў неба за дымам праз фортку лячу
Да ведзьмы чароўнай, што мройна лятае...
Вар’яцкая ведзьма, як я, маладая...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.