«Ніколі нам суседзі не спрыялі І кожны думаў толькі пра сябе...» – Гаворыш ты задумліва ў журбе, Парваўшы нітку, на якой каралі Сьвяціліся, цяпер яны ў траве, Нібыта ў лесе наш народ вялікі, Дзе закрычыш, і воўк пачуе крыкі І мала хто да сьцежкі дажыве, Што вывядзе да нашага сьвятла, Якое ёсьць, як нітка, дзе каралі Сябе па-каралеўску адчувалі І нітка доўгай, як жыцьцё, была... «Ніколі нам суседзі не спрыялі...» – Я за табою ўсьлед не паўтару, А моўчкі буду сабіраць каралі... І ўсіх караляў я не сабяру...
|
|