РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда Альфрэда Ромера
16.04.1832 – 24.01.1897
Хаваецца сонца ў снапах залатых
І жнейкі сьпяваюць аб днях маладых,
Аб юным паўстанцы, што ў бітве загінуў,
Пакінуўшы плакаць красуню дзяўчыну...
 
Ты слухаеш песьню і бачыш праз далеч
Сябе маладога ля вогнішч паўстанцаў,
Астрожныя сьцены, што сонца схавалі,
Пасьля ты ў Парыжы, але не для танцаў
Прыехаў туды, а каб там узмужняцца,
Свой край маляваць і штодня сумаваць
Па родных прасторах, дзе песьні гучаць
На мове тутэйшай, якая жывая,
Якая штодня не жыве, выжывае
У казках, легэндах пра гэту зямліцу,
Якую ўсё дзеляць, сваёй жа дзяліцца
Ня хочуць расейцы, ня хочуць палякі...
 
Ля гаю ля возера брэшуць сабакі –
Вяртаецца пан да сябе з паляваньня
І ён да цябе на гадзіну загляне,
Каб выпіць гарбаты, пабачыць карціны
Пра волю, пра долю, чужыя мясьціны,
Пра кроў і пра сьлёзы, што рэкамі л’ецца,
Пра край наш, які Беларусьсю завецца...
 
Схаваецца сонца ў снапах залатых,
Ды цёмна ня зробіцца ў сэрцах жывых,
Калі там жыве Беларусь і сьпявае,
І поясам слуцкім сябе абвівае...
 
22.VI.2010.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.