РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Параўнаньне
Гэта – як музыка за сьцяной.
Хочаш ня хочаш, а ты яе чуеш.
Ты зь ёю хвалюешся і сумуеш.
Ды ўсё-такі ня лічыш яе сваёй,
бо музыка тая за сьцяной.
 
Там хтосьці іграе, хтосьці пяе,
там, за сьцяной, весяліцца хтосьці.
Ты ж толькі сьведка той весялосьці,
і музыкі той табе нестае.
 
Там некаму справы няма да цябе,
там сваёй музыкай заняты,
там свае будні і свае сьвяты.
I нейкая кошка па сэрцы скрабе...
 
Здавалася б, што табе да яе,
да музыкі той? Ды вось круцяць пласьцінку,
і ты адгукаешся нейкай часьцінкай,
і музыкі той табе нестае.
 
Гэта – як музыка за сьцяной:
ты чуеш яе, ды ня лічыш сваёй.
 
1974
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.