РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзень нараджэньня дарогі
У дзень нараджэньня дарогі трава пад нагой памірае
І гасьне кароўка божая пад колам, нібы сьляза.
І нават Пан Бог гаворыць: «Хай сёньня сам выбірае
Мой раб напрамак да сьмерці, што воляй сваёй назваў».
У дзень нараджэньня дарогі дрыжаць нябачныя зоры:
Якой давядзецца згаснуць, якую возьмуць з сабой
Заместа лампады людзі, што мовай зьвяроў гавораць,
Што мовай дажджоў гавораць і зброі мовай нямой.
У дзень нараджэньня дарогі дзівяцца лёзныя людзі,
Адкуль раз-пораз зьлятае пад ногі крылаты цень?
А гэта крыжоў прадвесьце, што ўздоўж дарогі збудуюць,
І душы раскрыжаваных, ненароджаных 'шчэ людзей.
У дзень нараджэньня дарогі ніхто прадказаць ня можа
Дабра і зла суадносіны, што ў час народзіць яна.
А людзі стамлёна тупаюць, бяздомныя ў доме Божым,
І топчуць траву высокую, і лёс вырашаюць наш.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.