На скрыжаваньні лёсаў і падзеяў
|
Вянок санэтаў
|
1 На скрыжаваньні лёсаў і падзеяў, Пакуль не дасягнуў нічога сам, Так хочацца ўвайсьці ў багаты храм. Ня талент правядзе – дык дабрадзеі. Але радкі ад мітусьні радзеюць, Са шчырасьцю зьнікае зь іх жыцьцё. Пісьменьнік – голас Божы, не акцёр. Прарок, які самотай сушыць цела. І вось ты – лішні чалавек на сьвяце. Вялікі горад – і высока падаць. І тых, хто адвярнуўся, – не кляні. Тут, дзе ніжэюць і вышэюць лёсы, Дзе толькі сорам і п’яныя сьлёзы, – Не збудаваць нам Храма цішыні.
2 Не збудаваць нам Храма цішыні Тут, дзе на стрэл адказваюць плакатам, Дзе вязьню нават не патрэбны краты, Дзе вершалін ня бачаць карані. Таму – пагардай слабасьць захіні. Ёсьць таямніца здрады – жах салодкі, Прад тым, хто на расьпяцьцях і паштоўках У продажы ізноў – дзе ні зірні. Любыя ўчынкі і падзеі – цені, Якім так лёгка надаваць адценьні. І будзе верным той, хто ўсім маніў. І плёскаецца мора з назвай «жыцьці». І высыхаюць кроплі на граніце. Як хвалі, з шумам адплываюць дні.
3 Як хвалі, з шумам адплываюць дні. Так лёгка плыннай іх паддацца волі. І цёплы край, дзе не бываў ніколі, Пяском прысыпле непатрэбны німб. І дабрабытам цешыцца адным Тваёй душы ня хопіць, каб сьвяціцца. Эўропы чыстай яркія сталіцы Не нагадаюць нашы камяні. Ці ўратаваў каго капрызны шлях Па сонечных палянах і садах, Якія Бог спрадвек няроўна дзеле? Бурштын ня капне кропелькай смалы. Лісты – ня стрэчы, гмах – не купалы. Сустрэцца ў моры – танная надзея.
4 Сустрэцца ў моры – танная надзея. Лёс не судзіў дарогі нам адной. На новым скрыжаваньні прада мной Храм іншы ў неба купалам сьвяцее. Перамагла, як і заўжды, ідэя, Абстракцыя – над грэшным пачуцьцём. І сонца заплыло ў нябёсны дом, Ды нават сонца рознае нас грэе. Дзьве мовы не зьліваюцца ў адну. Хто так сказаў – той збудаваў сьцяну, Але было ў тым ісьціны імгненьне. Я бласлаўляю ўсё, што не было. І на цябе гляджу, нібы праз шкло, – У гэтым існаваньні мы – як цені.
5 У гэтым існаваньні мы – як цені. Нашто ж яшчэ імкнуцца да аблок? Дарогі – гэта вецер ды пясок, Вандроўнік – гэта боль ды летуценьні. Ад грэшнай сцэны да нябёснай сцэны Расьсьцелены кілім бясплотных мар. Няма тут роляў катаў і ахвяр, Але й няма раптоўнага натхненьня. І хто слабы прад бедамі зямнымі, Ня трэба й небу з крыўдамі сваімі. І, як ні прагні золкай вышыні, Мы – цені тут. Ды ценяў не бывае, Калі іх нехта ўніз не адкідае Пры нейкім недаступным нам агні.
6 Пры нейкім недаступным нам агні Згараюць і зьнікаюць нашы лёсы. Паэзія – душа, а людзі – проза, І шчасьце не прыходзіць дзень пры дні. Твой раб былы на вараным кані Праехаў міма ў княжацкіх уборах І на цябе зірнуў, як вечны вораг, – І сябар твой схіліўся перад ім. Калі дарога, на якой паўстала, Ты прымеш за прыступку п’едэстала І назаўсёды спынісься – зірні: Ты – толькі цень на сонечнай дарозе. Паэзія ў жыцьці, у сьмерці – проза. Быць часткай ночы – Божа, барані.
7 Быць часткай ночы – Божа, барані. Але ў яе таксама нешта вабіць. Ці яблык Евы, ці былая памяць, Ці кінутыя ў сьпіну камяні. Але, як дню сьвятому ні мані – Яго таксама ёсьць табе часьцінка, У прысаку – апошняя жарынка, На мерзлым полі – зерне дабрыні. А можа, ноч – твой рамантычны флёр, І ты – ня вецер пекла, а актор, І плёткі заплятаюцца дарэмна. Хай будзе на шляху тваім сьвятло! Ноч ахіне заваблівым крылом, Сьвітаньне ж паглыне нас, як марэньне.
8 Сьвітаньне ж паглыне нас, як марэньне. А сьлёзы – застаюцца на зямлі. Разьбітыя да трэсак караблі Ня помняць пра зямное прыцягненьне. Нам гонар не дае згінаць калені На'т перад Богам – толькі ў Судны час. Але ўсё роўна там прымаюць нас, Дзе больш няма ні добрых і ні дрэнных. Прад зоркаю Палын ахвярнік прагны Штодня прымае шчодры дар Арахны, І праступае на каменьнях соль. Ты ўжо шчасьлівы. Мы яшчэ зацята Шукаем то выйсьця, то вінаватых, Растаць у сонцы – што за сьветлы боль!
9 Растаць у сонцы – што за сьветлы боль! Ды сонца можа быць чужым і здрадным. Нікому вечны вучань не прыдатны. Ягоны шлях – Багрыма жырандоль. Быць вучнем – найспакусная зь няволь, Але хто не ўцякаў – ня бачыў крылаў. А кветкі ля клясычнае магілы У зносінах з натхненьнем – не пароль. Нашто ж шпурляць каменьні ўсьлед ідучым? Зрабіўся сонцам – цень, забыты вучань. Што зробіш? Неба вольнае – ня столь. І дастанецца кожнаму дарога. Магчыма, нешта ў гэтым не ад Бога, Ды кожны на шляхах сваіх – кароль.
10 Ды кожны на шляхах сваіх – кароль. Няхай парваны плашч ня грэе плечы, Ёсьць небасхіл і гонар чалавечы, Няма – Радзімы. Толькі дождж і золь. Ды голас ветру, нізкі, як бемоль, І цяжар непатрэбных сэрцу ведаў. І плён твой будзе – як халодны ветах, А мне – ісьці ў сьвітанак мой дазволь. Чужым народам непатрэбны ты, Свайго – ня п’еш крынічнае вады І ўжо яму таксама не належыш. Не зразумеў нічога ты, бядак. Ды Бог судзіў. А значыць – будзе так, Не вінавачу ні сьвятых, ні грэшных.
11 Не вінавачу ні сьвятых, ні грэшных. Няма тут судзьдзяў – і суда няма, І ты свой шлях разьмеціла сама І ні ад кога болей не залежыш. Як хочацца прыйсьці да славы першай, Няхай ахвяраваўшы ўсё і ўсіх, Але самота – пыл дарог тваіх, І сьвет бяз Бога – у замкнёных межах. Мы верылі, што сьвет – у нашых душах, І пераможа здольны, а ня дужы, І ў кожнай Папялушкі будзе баль. Цяпер жыцьцё нас досыць павучыла. Ня крыўджуся на стомленыя крылы – Я толькі помню, толькі пешчу жаль.
12 Я толькі помню, толькі пешчу жаль І, можа, гэтым неяк выкупляю Стварэньне адасобленага раю, Празрыстага, біткога, як крышталь. Вучылі вы нацягнуты паркаль У зьлепак узрушэньня, сьвята фарбаў Пераўтвараць – як у царэўну – жабу. І назаўжды захоўваць творцы пал. Пасьля вучылі многія і многа. Хаця здабыткі ўсе мае – ад Бога, Але карцін дзіцячых пастараль Мне грэе сэрца чыстым успамінам. І я ў сабе замкнуцца не павінна, І прышласьць прада мною – як Грааль.
13 І прышласьць прада мною – як Грааль, І ў тым, што адышло, сьвятла хапала. На першую прыступку п’едэстала Ледзь прыўзьняла выпадку магістраль, А позіркі былі ўжо быццам сталь Ад гонару, выключнасьці і веры. Якім жа звыклы сьвет падаўся шэрым! Ды шакаладным стаўся наш мэдаль. Але спазналі першы водбліск зор. І дзіўны старажытны мовы ўзор, І вольнае паэзіі бязьмежжа. Няхай было ўсё гэта толькі сном – Ды быў, як рай, стары драўляны дом, І неба – быццам камні Белавежы.
14 І неба – быццам камні Белавежы. І зоры – быццам сьвечкі ў цішыні Яе байніцаў. Подых свой стаі – Пачуеш, як далёкі скача вершнік. Нас аб’яднала неба, а ня вершы. Зайздросьнікам яго не зачарніць. Калі душа аднолькава баліць – Важней, чым разам радасна сьмяесься. Навуку жыць і прабачаць спрадвек З пакутамі прыўлашчваў чалавек. А мы – адразу шчасьця захацелі. Ды – як бы цяжка ні было далей, Мы – удваіх, і можна ацалець На скрыжаваньнях лёсаў і падзеяў.
15 На скрыжаваньні лёсаў і падзеяў Не збудаваць нам Храму цішыні. Як хвалі, з шумам адплываюць дні, Сустрэцца ў моры – танная надзея. У гэтым існаваньні мы – як цені Пры нейкім недаступным нам агні. Быць часткай ночы – Божа, барані. Сьвітаньне ж паглыне нас, як марэньне. Растаць у сонцы – што за сьветлы боль! Ды кожны на шляхах сваіх кароль, Не вінавачу ні сьвятых, ні грэшных. Я толькі помню, толькі пешчу жаль, І прышласьць прада мною – як Грааль. І неба – быццам камні Белавежы.
1988
|
|