РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Варава
Натоўп наталяўся чужою пакутай.
Дзяцей падымалі на плечы бацькі.
А грэшнік, канчыны пазбаўлены лютай,
Ступаў на травінкі, нібы на цьвікі.
Яшчэ не ўсьвядоміў раптоўную волю,
Праз тлум прабіваўся, сусьвету чужы.
Але – азірнуўся, як выйшаў у поле,
І ўбачыў цяжкія ад целаў крыжы.
Паветра ліловым было ад сьпякоты,
І пыл залацісты стаяў над гарой.
Варава, забойца і грэшнік, ды хто ты,
Што Божаю сьмерцю купляеш спакой?
Вядома, ты мужна і горда трымаўся,
А той, на крыжы, не саромеўся сьлёз.
Ты моцны і злосны і тым спадабаўся,
Ня тое што ўсёдаравальны Хрыстос.
Цяпер жа – чаму, ледзь прыпомніўшы гэта,
Ужо не ад шчасьця ты плачаш, гэрой,
І ўбачыўшы крыж, што ляціць над сусьветам,
Шкадуеш раптоўна – чаму ён ня твой?
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.