РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Самыя доўгія ночы.
Ночы бяз зораў, бязь сьнегу.
Не адпускай мяне, Ойча,
ў гэтае цемрыва грэху.
Не аддавай мяне, Ойча,
гэтаму сьвету прарокаў,
бо Саламея ўсё танчыць,
рукі ўздымае высока.
Тонка зьвіняць бранзалеты,
кружаць яе пакрывалы,
з шоўку празрысьцей завеі,
з вогненным імем Ваала.
Стан выгінаецца гнуткі,
твар не ўсьміхаецца белы...
Не пасылай мяне, Ойча,
ганьбіць лілейнае цела.
Ёсьць у няведаньні – шчасьце,
сьвятасьць – у жорсткасьці цноты.
Не наракай мяне, Ойча,
увасабленьнем самоты.
Пасак таненькі ўзыходу –
сьцежка ад цемры ды сьцюжы.
Там сарамлівая Дзева
цесьлю прымае за мужа.
Не спакушае нікога,
не забівае нікога.
Проста і трохі наіўна
волю выконвае Бога.
А Саламея ўздымае
рукі так страсна і гожа,
і Магдалінай сьвятою
я не ўяўлю яе, Божа...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.