 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
1 Вецер, восень... Проста нечаканасьць – Ад марэньня выйсьці ў жоўты сад І сустрэць праз агароджу брамы Дзіўнага настаўніка пагляд. Вецер, восень. Сіні плашч і сонца. Яблыкі ў траве. Адно ўзяла. Праз узор каванай агароджы Шчэ без разуменьня падала. І ўраніла пад паглядам строгім. І жаноцкасьць не патрэбна мне. І лісьцё ляцела ўздоўж дарогі, І ляцелі цені па сьцяне. Тут мой дом! Чаму я не шкадую Гэты дом? Ці вочы прада мной – Вочы Бога? І куды пайду я З болем гэткім, з прагаю такой? Я кахала – гэта не каханьне. Чаравала – не чаруе ён. «Грэшніца, табе – выратаваньне!» І пайшоў, нібы сьвітальны сон. Вецер, восень. Яблыкі лавіла Чорнымі далонямі зямля. Гэтым днём забілі Магдаліну. Ёю быці перастала я.
2 Настаўнік! Паміж небам і зямлёй Што ведаем пра сад жыцьця і сьмерці, Дзе ўліўся ў вецер яблычны напой І цяжар нахіляе шчасьця вецьце. Настаўнік! Тут пажоўклая трава І прыгажосьць заўсёды прадаецца. Няхай асеньні горад Магдала Згарыць, як памяць аб распусным леце. І я пабачу сад жыцьця і сьмерці. Настаўнік! Ты ня бог, бо сьлепну я Ад сьлёз тваіх – ня боскае зьнямогі. Каханьне – гэта ісьціна мая. Так, як расстаньне – ісьціна дарогі. Я рушу за табою. Сьлед у сьлед. І сьмерць за сьмерцю. Гразка пад нагамі – Да ног прарокаў прыліпае сьвет Гразёй, а да запясьцяў – ланцугамі. Я больш нічога ў сьвеце не хачу, Абы навечна здоўжыць гэту восень, І бачыць вочы вашы, словы чуць, І толькі ветру даць расплесьці косы.
3 Доўга пыл глыталі за прарокам, Не пыталіся, куды ісьці, Ты прывёў нас да гары высокай, Толькі ўзыдзеш на яе адзін. Прадала даўно я бранзалеты, Звонкія маністы і парчу. Я даўно аплаканая ветрам І вяртацца ў восень не хачу. Мой настаўнік! Ты ня мне належыш, Значыць, не належыць мне нішто. І зямля – як збураная вежа. І як саван – белы мой хітон. Ты прывёў нас да гары высокай. Ты адзін узыдзеш на яе. І сьляза, сьляза туманіць вока – Мой апошні жэмчуг – для цябе. Ты гаворыш – хутка расставаньне. Хутка – вечнасьць. Што ж, апошні мой. Яблыкі пакоцяцца ў сьвітаньне, Стрэсеныя Евінай рукой. Як ніхто ніколі не шкадуе, Што напіўся чыстае вады, Я кахаю восень залатую, Я цалую Божыя сьляды.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|