Каралева мая, ты згубіла сваю чысьціню. Ад чаго ж тваё цела зазьзяла, як белая поўня? Я ня Гамлет даўно, я ніколі цябе не прысьню І атруту ў віне каралеўскім барвовым ня помню. Ты сьмяесься, шчасьлівая, і не спазнаеш, чаму Звар’яцелы твой прынц над магілай блазенскаю кленчыць. І ніколі, ніколі кароны ня бачыць яму, Бо вар’яту карона, каханьне й любоў недарэчы. Не заб’е ён нікога, ніколі ня скажа: «Ці быць?» Ён бясконцую з прывідам весьці гаворку павінны. Каралева мая можа вольна забойцу любіць, І зь яе чаравікаў магільная выцерта гліна.
|
|