 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Паўстане з хваляў часу Авалон, Праб’е на вежы замкавы гадзіньнік. Сівы кароль парушыць доўгі сон, Змахне пальчаткай з твару павуціньне. І будзе ўсё, што зоры прадраклі. Зноў рыцарам царыць у гэтым сьвеце. Настане справядлівасьць на зямлі, Маленькай, недагледжанай планеце. Кароль уздыме рыцараў сваіх, І подлы люд зьмяшаецца з гразёю. Але няма між выбраных – дваіх, Дзе каралева і найлепшы з вояў? Таемнай жарсьці грэшнай у палон Яны калісьці трапілі навечна. Ня ўстануць да жыцьця На іх праклён, І больш ніхто іх еднасьць не аспрэчыць. А як любіў кароль чароўны бляск Яе вачэй і ціхую пяшчоту Яе далоняў... Быццам першы раз, Узрушваў кожны самы лёгкі дотык... Але – ня мог яе не асудзіць Ён, хто закон і помсту ўвасабляе. І засталася ў прывідным жыцьці Яна, бясплотны цень... Але – кахае, Кахае – не яго... Навошта – суд, Які ня можа шчасьця даць нікому? Навошта жыць, калі яна – ня тут І нельга не аддаць яе другому? І выпусьціць кароль іржавы меч, І счэпіць на грудзях зьнямогла рукі. І мантыя спаўзе з шырокіх плеч, Суцішацца ўсе колеры і гукі. У цемру зноў сыходзіць Авалон, І засынаюць рыцары і коні. І не парушыць болей іхні сон Ніякаю малітвай аніколі.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|