Падае сьнег на стаптаны жаўнерамі пляц. Крок іх рытмічны, нібыта радок вершаваны. Гэткія рытмы дыктуе паэтам іх час, Словы паэта – як сьнег над зямлёю праданай. Божа, ня верыцца – колісь зьвяралі радкі З плаўным антычным прыбоем, з узмахамі вёслаў, З тонкім лунаньнем у танцы жаночай рукі, З пошумам ветру, з руплівымі рухамі кроснаў. Зараз адзіны даступны сьвядомасьці гук – Крокі ўбіваюцца ў глебу ды зброя ляскоча. Ды не хапае ні кратаў, ні крыкаў, ні рук Песьню ўтрымаць, што раўняцца па іншых ня хоча. Пляцамі, бы лішаямі, зямля парасла. Уладары любяць шэрагі і пастраеньні. Пад барабаны прымервай узмахі крыла, Чайкам дняпроўскім свае падары летуценьні. Стацца жывою магілай для фарбаў і слоў! Выбіты пляц да адчаю, да цьвёрдасьці сьмерці. Там, дзе дняпроўскія чайкі – жывая любоў, Там аб сваім не забудуць ніколі паэце. Крочаць па сьвеце жаўнеры, плячо да пляча. Сьнег абсыпае – і не растае на валосьсі. Час памірае ў той час, як паэты маўчаць. І нараджаецца песьня і чайкай галосіць.
|
|