РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У сэрцы няма болей песьняў вясьне...
Мінулі дзянёчкі той раньняй вясны,
Калі яшчэ сьнілісь зімовыя сны,
А неба ўжо дыхала ласкай,
I пахпа ў паветры нязнанай вясной,
І сонца сьмяялась нябеснай вышой,
І ўсё нам здавалася казкай...
 
            Асталіся толькі жаданьні і сны,
            Мінулі дзянёчкі той раньняй вясны.
 
Сіней стала неба. Пралескі цьвітуць,
У сэрцы і думкі й пытаньні ўстаюць,
Настала вясеньняе сьвята,
Прыгожае сьвята сапраўднай вясны,
Сапраўдныя сьветла-вясеньнія дні,
Ды шчасьце кудысьці узята.
 
            У сэрцы і думкі й пытаньні ўстаюць,
            Сіней стала неба... Пралескі цьвітуць.
 
Ясьней стала сонца. Ўсё верыць, жыве, –
А ў сэрцы няма болей песьняў вясьне.
Нядаўна ў ёй дзіўна парывы расьлі,
Хацелася верыць, кудысьці ісьці,
Настрой той прапаў, абарваўся...
 
            У сэрцы няма болей песьняў вясьне.
            Ясьней стала неба, ўсё верыць, жыве...
 
1921
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.