РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Золак
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Мілы жыта сеяў,
Я за ім грамадзіла;
Ён са мной кахаўся.
Я яго прынадзіла
Русаю касою,
Юнаю красою.
 
Завітаць учора
Абяцаў міленькі,
Разагнаць мой смутак,
Прыгалубіць шчыранька.
Ждала я мілога
З просьбаю да Бога.
 
Я прасіла Бога
– Божа мой каханенькі,
Прынясі мілога
Да мяне ты раненька.
Цяжка мне, марозна
Жыці зь мілым розна.
 
Рана ці ня рана,
Хоць парою познаю
Хай прыедзе мілы мой
З думкаю нягрознаю.
Сумна мне, маркотна
Дзеўчыне самотнай.
 
Хай прыедзе мілы мой,
Як сьцямнее вокала.
Пра жыцьцё, здароўечка
Запытаю ў сокала:
Ці жывы-здаровы,
Чаго хмурыць бровы.
 
30.V.1942 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.