РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Раманс пра караля, што пакінуў трон
Так было і доўга так будзе:
Палілі вёскі й палі,
З гарадоў рабілі руіны і груды
Ўсёй зямлі – усе каралі.
            Не, ня ўсе. Ў даўніну забытую
            Быў адзін – адзіны, і ён
            Для простых кінуў эліту,
            Для каханьня пакінуў свой трон.
Заблукаў ён на паляваньні,
І з дачкой палясоўшчыка Рут
Прасядзеў ля агню да сьвітаньня
І найлепшую стрэў зару.
            І кінуў магнатаў бяз жалю,
            Палюбіў курных хатаў дым,
            І аддаў сваё сэрца ня з?мкам і залям,
            А халупам і бедным братам сваім.
Палюбіў іх песьні і словы,
Бо казаў іх каханай рот,
І зьляцелі ў многіх галовы
З тых, хто мучыў і нішчыў народ.
            І аднойчы сказаў ён магнатам,
            Сказаў словы дзіўныя ён:
            «За каханьне у простай хаце
            Я пакіну бацькоўскі трон.
А паколькі мне вецер вее
Зь нейкай іншай, свабоднай зямлі,
То ў Ісляндыю, край завеі,
Мы сплывем на сваім караблі».
            ...І ў той час, калі йшчэ ня ўкрылі
            Крылы ветразяў мачты ўзьлёт,
            На прычале конна зьявіліся
            Сваякі тых, што нішчыў народ.
Гналі коньнікі ў дзікім намёце.
Кожны меч свой цягнуў з нажон:
«Не каханьнем – макітрай заплоціш
Ты, што, дурню, кінуў свой трон».
            Нараджала маланкі зброя,
            І пад вечар ад роднай зямлі
            Ў край далёкі, край мёртвых гэрояў
            Ён адплыў на сваім караблі.
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Разьдзімаў яму ветразі вецер,
І адплыў у Нязнанае ён...
Той адзіны кароль на сьвеце,
Што аддаў за каханьне свой трон.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.