РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Што ты сьпіш?..
Што ты сьпіш, што ты сьпіш,
Беларускі мужык?
Глянь! Усталі усе,
Як сьвет Божы вялік!
 
Толькі ты, брат, адзін,
Як забіты, ляжыш
І на долю сваю
Не ўстаеш, не глядзіш.
 
Няўжо мала яшчэ
Катавалі цябе?
Няўжо мала яшчэ
Сьлёз і гора табе?
 
А пасьледненькі грош
Зь цябе лупіць казна,
Хоць у хаце дзяцям
Хлеба, солі няма.
 
Хоць заклаў ты кажух,
Абы чынш заплаціць,
Хоць у лапцях ты з лык
Мусіш вечна хадзіць...
 
Хоць кароўку сваю
За падаткі прадаў,
Хоць апошні ўмалот
Магазыньнік забраў.
 
Ты астатні свой дух
I свае жылы рвеш,
Як калоду пудоў
Са сто ў места вязеш.
 
А у печцы тваёй,
Хоць мароз, хоць зіма,
Агонь тры дні ня быў,
Дроў паленца няма!
 
А к вясельлю рубель
Часам трэба калі,
Дык хоць з торбай ідзі,
Каб капейку далі!
 
А ня грошы ж твае
Там у банку ляжаць?
Не за грошы ж твае
Цар ідзе ваяваць?
 
Не за грошы ж твае
Цэркаў гэта стаіць?
Не за грошы ж твае
Яна срэбрам блішчыць?
 
Не за грошы ж твае
Цар палац свой зрабіў?
Не за грошы ж твае
Ён чыноў насадзіў?
 
Не за грошы ж твае
Караблі на вадзе?
Не за грошы ж твае
І чыгунка ідзе?
 
Ня твой сын на вайне
Без галоўкі ляжыць?
Не сіротка твая
Пад варотмі стаіць?
 
Дык прасьніся ужо,
Беларускі мужык!
Глянь! Усе устаюць,
Як сьвет Божы вялік!
 
Глянь! Усходзіць ужо
Зорка праўды сьвятой
І няволю-бяду
Сваёй зьніме рукой!
 
Толькі ты мусіш, брат,
Уставаць, памагаць
I за долю сваю
Ваяваць, ваяваць!
 
Калі стрэльбу ў цябе
Адабралі тваю,
Ты з застрэшку вазьмі
Касу востру сваю!
 
I ідзі, і крычы
Прагавітым людзям,
Няхай хлеба даюць
Табе, жонцы, дзяцям!
 
Няхай зьнімуць зь цябе
Чынш, падаткі, налог,
Бо бясплатна для нас
Даў зямлю гэту Бог!
 
Што табе трудна жыць,
Дзецям хлеба няма,
Што ня топлена печ,
Хоць мароз, хоць зіма!
 
I ідзі, і крычы,
Што пот вочы заліў,
I ідзі, і крычы,
Што з табой цар зрабіў!
 
Няхай бача ўвесь сьвет
Цяжку долю тваю,
Няхай бача ўвесь сьвет
Злое гора тваё!
 
Дык прасьніся хутчэй,
Беларускі мужык!
Глянь! Усталі усе,
Як сьвет Божы вялік!
 
[Да 7(20).IV.1906]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.