Гасьцём і мараю трывожнаю Зьляцеў да нас з-пад самых зор. Краінай любаю разложнаю Імкне, гудзе, шуміць віхор. І не, не злы, але бушуючы, Ў шалёным імпэце ўвесь ён, Ваду азёр і рэк хвалюючы, Пусьціў па пушчах песьню-звон. Грыміць, гудзе ўсё недарэчнае, Штораз віхор гучней, прудчэй. Услухайся, паймі адвечнае – І гімны вырвуцца з грудзей. Пара, пара дазнацца, зьверыцца Сваіх магутных сонных сіл! Адважны хто спыніць намерыцца Размах жыцьця і творчы пыл?.. Дзе йдзем? І дзе капцы канцовыя? Дзе ходу нашаму мяжа?.. Ў адказ віхор пяе ўсё новае, І лязіво блішчыць нажа!
1921
|
|