Зь песень аб сваёй старонцы
|
Невясёлая старонка Наша Беларусь: Людзі – Янка ды Сымонка, Птушкі – дрозд ды гусь. Поле – горы ды каменьне, Потам зьліта ўсё, Сенажаць – адно карэньне, Сівец ды куп’ё. Родзе шнур несамавіта, Колькі б працы ўнёс, – Ячмень з сажай, з званцом жыта, Зь сьвірэпкай авёс. Небагатыя і вёскі, Садоў ў іх ня знаць, Толькі часам дзе бярозкі, Як тычкі, стаяць. А па вёсках люд убогі, Век бяда ў крук гне, Вечна ў лапцях гное ногі, Зрэб’е сьпіну тне. Цёмны, цёмны народ гэты, Трудна і сказаць, Абарваны, неадзеты, Ня ўмее чытаць. Зь яго кожны насьмяецца, Назаве дурным... Бедны люд... так бы, здаецца, Плакаў разам зь ім. Так няміла, як магілай, Неяк выдае Беларусь, мая старонка, Дый люблю ж яе. Я, калі б зь ёй разлучыўся, Плакаў з усіх сіл... Эй, бо дзе воўк урадзіўся, Яму куст той міл! Дома голаду дазнаю, – Зьем хлеба, вады... Горай жыці ў чужым краю, Болей сьлёз, нуды. Там ня знойдзеш братніх сэрцаў, Там кожны чужым, Будзеш жыць з нудой у спрэчцы Ды адзін-адным. Песьню родную зацягнеш, Хто пачуе, хто? Там любіць свой край прысягнеш Лепей, як жыцьцё.
[1905–1907]
|
|