РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Брацьця, к агульнаму шчасьцю
Трэба жыцьцё кіраваць.
Роўнасьць, братэрства і згода
Будуць нам шлях асьвятляць. 
          Згоднай, вялікай сям'ёю 
          Пойдзем к дзяньком залатым, 
          З думаю ў сэрцы сьвятою, 
          З нашым жаданьнем адным.
Крыўды людской нам ня трэба,
Сьлёз не бажаем ніч'іх,
Хочам, каб зь яснага неба
Сонца сьвяціла для ўсіх.
          Досыць было панаваньня 
          Квотнікаў злых, махляроў, 
          Досыць для нас гараваньня, 
          Новых паклічам майстроў.
Мусім народ абудзіці,
Голасна мусім пазваць:
Гэй, хто работнік? Хадзіце
Новы ўсім лад будаваць!
          Будуць для ўсіх там палацы, 
          Стане на ўсіх там цяпла, 
          Ў панстве братэрства і працы, 
          Вольнасьці, хлеба й сьвятла.
 
1919
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.